Заўтра гасцей i ўдзельнiкаў Дня беларускага пiсьменства будзе вiтаць старажытны Барысаў
Менавiта Слову, а таксама ўсiм тым, хто працаваў калiсьцi i працуе сёння дзеля яго развiцця i адраджэння, хто захоўвае i памнажае духоўную спадчыну мiнулых пакаленняў, узбагачае нацыянальную культуру, шануе родную мову, прысвечана свята – Дзень беларускага пiсьменства. Па традыцыi яно адзначаецца ў нашай краiне ў першую нядзелю верасня. Сёлета – 15-ы ўжо раз. Заўтра яго шматлiкiх гасцей i ўдзельнiкаў будзе вiтаць старажытны Барысаў.
Дзень беларускага пiсьменства называюць святам-вандроўнiкам. З году ў год выпраўляецца яно са сталiцы ў розныя гiстарычныя цэнтры Беларусi, якiя здаўна мелi славу буйнейшых асяродкаў нацыянальнай культуры, асветы, кнiгадрукавання. Самым першым у 1994 годзе сустракаў свята старажытны Полацк, дарэчы, пачэснае права прымаць у сябе Дзень беларускага пiсьменства яму выпадала двойчы, як i гораду Тураву. Сталiцамi свята станавiлiся Навагрудак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мсцiслаў, Мiр, Камянец, Паставы, Шклоў. Ужо вядома, што ад Барысава святочную эстафету прыме Смаргонь...