Вясёлкай фарбаў i падзей разлiвалася ў Хойнiках свята беларускага пiсьменства
Недарэмнасць свайго прыходу ў свет чалавек даказвае трыма жыццесцвярджальнымi справамi: садзiць дрэва, будуе дом, выхоўвае сына. З гэтага пункта гледжання сямнаццаты па лiку Дзень беларускага пiсьменства, што завяршыўся ў Хойнiках, пацвердзiў сваю неабходнасць i значнасць у захаваннi i ўзбагачэннi духоўных каштоўнасцей, развiццi нацыянальнай самасвядомасцi беларусаў. Зачынам асноўнага дня свята стала менавiта пасадка 17 дрэў. Сад Малiтвы будзе дужэць каля мемарыяла смутку па захаваных пасля Чарнобыля вёсках раёна. Спланавалi акцыю арганiзатары мерапрыемства, бла-гаславiлi ж яе нябёсы: хрэсны ход з жыватворным агнём ад Гроба Гасподня прыйшоў у сталiцу пiсьменства, адолеўшы перад тым значны шлях па рэгiёнах краiны разам з удзельнiкамi навукова-асветнiцкай экспедыцыi “Дарога да святыняў”.
За некалькi месяцаў падрыхтоўкi да нацыянальнага фэсту ў Хойнiках узведзены не адзiн дом. Райцэнтр настолькi змянiў аблiчча, што згадваць аб глушы, пра якую некалi пiсаў аўтар “Палескай хронiкi”, язык не паварочваецца. У сучасных Хойнiках сёння многае з азначэннем “новае”: Дом абрадаў, летнi амфiтэатр, спартыўны комплекс, гасцiнiца, фантан... Да гэтага лiку ў дзень свята дадалiся раённы краязнаўчы музей, што размясцiўся ў будынку сядзiбы купца Аўраамава, прыгожая скульптурная кампазiцыя паводле твораў Iвана Мележа. Лiтаратурна-тэатральныя iмпрэзы на адкрыццi гэтых аб’ектаў сабралi нямала гледачоў...
На здымку: будучыя падпiсчыкi каля стэнда «Рэспублiкi».
Фота: Сяргей КАВАЛЁЎ