Курыць нельга кiнуць

Мiк. МIРГАРОДСКI
Курыць нельга кiнуць

Чаму мы з зайздроснай упартасцю плывём «за буйкi»?

…Васiль акуратна паклаў паперку пасярод стала, адкаркаваў бутэльку. Цiхенька перахрыс­цiўся i стаў чакаць смерцi. На пляшцы было напiсана: “Каньяк адборны. Вышэйшай якасцi”, а ў паперцы значылася: “У маёй смерцi прашу нiкога не вiнавацiць”.

Але “крывая” з касой недзе, мабыць, затрымалася, таму Васiль, каб надаць эксперыменту натуральны ход падзей, адшукаў у халадзiльнiку крыху пакрыты цвiллю гурок, скрылiк сала (дзе чэрцi тую жонку носяць?), зразумела, цыбулiну i кавалачак хлеба. Усё гэта для дзядзькi было вяршыняй самастойнага меню. На яго погляд, лепш, чым у рэстаране: танна i добра.

А справа была ў тым, што крыху больш за дзве гадзiны назад ён вярнуўся дамоў ад доктара, якi закадзiраваў яго ад прагi да гарэлкi. I вось гэты самы лекар запэўнiў, што ў выпадку ўжывання хоць кроплi спiртнога, небарака памрэ. Але ж Васiль быў не дурань,чуў недзе фразу Станi­слаўскага: “Не веру”. Таму i пайшоў на рызыку…

…З новага года на ўсiх пачках цыгарэт, якiя прадаюцца ў нашай краiне, стаў абавязковым надпiс аб тым, што курэнне — вельмi шкодная рэч. “Страшылкi” займелi амаль 20 працэнтаў плошчы ад некалi вельмi прывабнай упакоўкi. Адно страхоцце. Мiжволi адцураешся. Бо надпiсы сведчаць, што ў вынiку курэння чакае такi пералiк хвароб, што хоць на свет не нараджайся. Мэта была пастаўлена гэтым самым актам толькi адна: адвучыць курыць. Вельмi высакародна. Не трэба нават пытацца ў самiх вытворцаў тытуню, як яны аднеслiся да гэтай меры прафiлактыкi. Нават першакласнiк разумее, што курыць – здароўю шкодзiць. I аўтар гэтых радкоў таксама супраць пускаць здароўе разам з дымам у неба. I сапраўды, папярэджаннi на цыгарэтах, акантаваныя шырокай чорнай рамкай, пужаюць па-сапраўднаму. Ну, думаю, канец тытунёваму бiзнесу. Якi ж дурань будзе цяпер купляць цыгарэты з надпiсам i напамiнкам аб смерцi?.. Але, як аказалася, такiя маюцца.

У цэнтральнай суперкраме спытаўся ў прадаўшчыцы, якая абслугоўвае тысячы пакупнiкоў, цi намнога менш сталi набываць цыгарэт апошнiм часам?

— Ой, я вас умоляю! Как покупали, так и покупают. Нашему народу никакие предупреждения не страшны. Все равно плывут «за буйки».

Не ведала прадаўшчыца, не ведаюць, мабыць, i чытачы аб статыстыцы. Штогод у Расii ад злоўжывання алкагольнымi напоямi памiрае 75 тысяч чалавек. На душу насельнiцтва там жа прыходзiцца каля 18 лiтраў спiртнога ў год (у Беларусi прыкладна 11 лiтраў). Яшчэ лiчбы: пiва мы ўжываем 38 лiтраў, 22 лiтры пладова-ягадных вiн, 3 лiтры вiнаградных, 0,2 лiтра каньяку, i толькi адзiн лiтр шампанскiх вiн. Як бачым, у “лiдэрах” славутае “чарнiла”. Цi дапамогуць папярэджаннi аб шко­дзе яго ўжывання, калi яны будуць надрукаваныя ў тлустай чорнай рамцы, як на цыгарэтах? Урэшце рэшт, там i там атрута. Але ж прагныя зноўку плывуць “за буйкi”.

Удумайцеся i ў гэтыя лiчбы: што­дзень на зямным шары прадаецца 15 млрд. цыгарэт. Iх вытворчасць за 2008 год у Кiтаi склала больш чым 2 трыльёны, у ЗША – 500 мiльярдаў, у РФ – 400 мiльярдаў штук…

— Дядь, а дядь, дай закурить.

— Мал еще. И вообще, курить вредно.

Хлапчук шмыгнуў носам, адбег колькi крокаў:

— У-у, козел старый.

“Стары казёл” (аўтар гэтых радкоў) закурыў, дастаўшы цыгарэту са страшнага чорнага пачка, i задумаўся.

…Васiль, заплюшчыўшы вочы, кульнуў кiлiшак, затым яшчэ i яшчэ адзiн. Смерць не прыйшла. Набраў нумар тэлефона лекара, якi толькi што закадзiраваў яго.

— Доктар, вы казалi, што памру, калi вып’ю чарку. Але пляшка ўжо амаль напалову пустая, а я адчуваю сябе выдатна…

— Немедленно прекратите. Случится страшное.

Але нiчога не здарылася i тады, калi Васiль з суседам да донца высмакталi тую бутэльку. Толькi кабета суседа своечасова вярнулася з працы i тым самым паставiла тлустую кропку ў фiласофскiх разважаннях дзядзькоў наконт тленнасцi жыцця.

Васiль пасля таго выпадку пражыў яшчэ нямала гадоў – столькi, колькi адмераў Бог, а не лекар, якi за грошы абяцаў звесцi шкодную звычку да нуля. Вядома, што алкагалiзм даволi цяжкая сацыяльная хвароба. I адным вiзiтам да цуда-экстрасэнса цi псiхатэрапеўта ад яе цяжка пазбавiцца. Гэтак жа, як i пакiнуць палiць. Але гляньце на аб’явы: па-ранейшаму i сёння шмат лекараў, якiя за вашы грошы абяцаюць пазбавiць ад цягi да цыгарэт i спiртнога. Але, на мой погляд, тут многае залежыць ад самога чалавека. Калi ёсць сiла волi, то i лекар у гэтай сiтуацыi не вельмi патрэбны.

P.S. Удумлiвы чытач хай сам вырашае, пасля якога слова ў загалоўку гэтых заметак трэба тэрмiнова ставiць коску…

Все статьи рубрики Жизнь

пн
вт
ср
чт
пт
сб
вс
1
2
6
21
25
26
27
28
29
30
31
Номер газеты: