Заручаны з Бярэзiнай-ракой
Да Дня беларускага пiсьменства, якi адбудзецца 7 верасня ў Барысаве, выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” выпусцiла ў свет кнiгу “I зоркi над Бярэзiнай-ракой...”. Аўтары цiкавага праекта – Уладзiслаў Мачульскi, Вiктар Праўдзiн, Вiктар Шнiп. Выпуск ажыццёўлены па заказу i пры фiнансавай падтрымцы Мiнiстэрства iнфармацыi Беларусi.
— Гэта чарговая наша кнiга з серыi “Беларусь лiтаратурная”, якая заснавана ў 2003 годзе, — расказвае дырэктар выдавецтва Уладзiслаў Мачульскi. – Выданне знаёмiць з лiтаратурным жыццём менавiта таго горада, дзе праходзiць чарговы Дзень пiсьменства.
Працуючы над кожным такiм выданнем, мы з вялiкай радасцю i задавальненнем успрымаем добрую i адметную з’яву. Лiтаратурнае жыццё ў нашых рэгiёнах надзвычай паўнакроўнае, змястоўнае. Кожны раён узрасцiў i выпеставаў шмат талентаў, якiя пакiнулi свой след у нацыянальнай лiтаратуры. А многiя, якiя, на жаль, пайшлi ад нас, сталi яе гонарам, яны шырока вядомыя ў славянскiм свеце. Таму найпершая мэта названай серыi – яшчэ раз успомнiць выдатных майстроў беларускага слова.
I, канешне ж, — працягвае Уладзiслаў Антонавiч, — адкрыць чытачу новыя iмёны, якiя, бы моцныя парасткi, шчодра вырастаюць на нашай лiтаратурнай глебе. Тут яшчэ такi важны момант. Мы ахвотна ўключаем у гэтыя кнiгi творы самых маладых, пакуль яшчэ невядомых. Тым самым у iх ёсць рэальная магчымасць надрукавацца ў прэстыжным выданнi. Iх голас зазвiнiць па ўсёй нашай краiне, тым больш на свяце беларускага пiсьменства. Такая маральная падтрымка выключна патрэбна кожнаму, хто ступае на лiтаратурны шлях.
У кнiгу ўвайшлi творы i энцыклапедычныя даведкi пра пiсьменнiкаў, чыя дзейнасць i жыццё непасрэдна звязаны з Барысаўскiм краем. Як дакладна сказаў класiк, што дзве сiлы найбольш паспяхова садзейнiчаюць выхаванню культурнага чалавека — мастацтва i навука. Абедзве гэтыя сiлы спалучаны ў кнiзе. Можна смела сцвярджаць, падкрэслiваюць укладальнiкi кнiгi Уладзiмiр Лайкоў i Янка Лайкоў, што не забыты словы ляснога краю, якому лёс наканаваў нарадзiць i вывесцi ў людзi сапраўдных талентаў сваёй зямлi. Заўсёды шчаслiвая тая зямля, на якой выспявае добры ўраджай, расце высокае, налiтае ў шчодры колас жыта, i паабапал гэтага жыта, у самiм жыце непадробным хараством сiнеюць валошкi, блiзкiя нашаму сэрцу. Больш за трыццаць такiх валошак – Уладароў Роднага Слова – нарадзiлася на Барысаўшчыне.
Гэты мой роздум не лiтаратуразнаўчае даследаванне кнiгi. Аўтар хоча паказаць, як у тонкай паэзii, удумлiвай прозе, гарачай публiцыстыцы прыгожа i прывабна паўстае вобраз Барысава. Яго багатая, зусiм няпростая гiсторыя, дзе гераiчнае i трагiчнае – як i ўсёй нашай Беларусi – цесна пераплялiся. Яго цiкавы сённяшнi дзень. Мы бачым нават характар горада, сатканы з лёсаў людзей i шматлiкiх гiстарычных падзей, якiя тут адбывалiся.
Чыстым i святым, цесна знiтаваным з вялiкай i слаўнай гiсторыяй нашай Радзiмы, называе гэты край старшыня Барысаўскага райвыканкома Васiль Дылюк. Вось толькi тры важныя моманты з бiяграфii горада. Пiсьмовае пацверджанне пра яго заснаванне ўпершыню з’явiлася ў Лаўрэнцьеўскiм летапiсе ў 1127 годзе. У 1563-м Барысаў атрымаў Магдэбургскае права. Без барысаўскiх падзей 1812 года сёння ўжо немагчыма ўявiць нi сусветную, нi еўрапейскую гiсторыю.
Кожны раздзел кнiгi нясе канкрэтную нагрузку, мае свой змест. “Памяцi адвечнай позвы” – гэта вяртанне чытача ў XIX – пачатак ХХ стагоддзя. Лiтаратурнае жыццё Барысаўшчыны было надзвычай плённым, яно пазначылася iмёнамi Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, Янкi Купалы, Петруся Броўкi, Пятра Глебкi...
Выключна глыбокiя i цiкавыя даследаваннi пра Барысаў пакiнуў нам Павел Шпiлеўскi, празаiк, драматург, публiцыст, фалькларыст, вядомы як аўтар цыклаў-нарысаў “Падарожжа па Палессi i беларускiм краi” i “Беларусь у характарыстычных апiсаннях i фантастычных яе казках”. Прызнаюся: урывак з першага нарыса, уключанага ў кнiгу, я прачытаў на адным дыханнi.
Бацька класiка беларускай паэзii Максiма Багдановiча – Адам Багдановiч – у творы “Мае ўспамiны” часта прыгадвае Барысаў i яго ваколiцы. Таксама вельмi цiкавыя штрыхi да партрэта горада. У вёсцы Сялiтранка гэтага ж раёна нарадзiўся Мiхась Клiмковiч, аўтар тэкста Дзяржаўнага гiмна БССР. Барысаў – радзiма Васiля Барысенкi, вядомага беларускага лiтаратуразнаўцы, акадэмiка, доктара фiлалагiчных навук, прафесара. I яшчэ многа таленавiтых людзей, якiя плённа працавалi раней, працуюць цяпер на лiтаратурнай нiве, даў гэты край.
Сумленны чалавек добра разумее, што не можа быць сапраўднага шчасця без радзiмы. I ён усяляк трымаецца за тыя каранi, што пусцiлi ў родную зямлю яго продкi. I сваiмi каранямi стараецца таксама моцна тут трымацца. Такое фiласофскае асэнсаванне еднасцi чалавека з Радзiмай вызначае перш за ўсё паэзiю гэтай кнiгi.
Паслухайце: “Маёй сiвiзны халады // Спынiць мяне будуць не ў стане. // Прайду праз жыццё маладым! // Ты чуеш, зямля, маладым, // Пакуль маё сэрца не стане!” (Iзi Харык з мястэчка Зембiн Барысаўскага раёна, у 1937 г. падпаў пад сталiнскiя рэпрэсii i быў расстраляны). “Сцяжынкi вузкая палоска // Вядзе праз поле i маргi. // Там памяць захавала вёска // З дзяцiнства кут мне дарагi” (Бранiслаў Ярмашкевiч). “Вiтаю зноў, вiтаю, мой Барысаў, // Мае тут застаюцца каранi. // Няхай пральецца на твае абрысы // Святло i подых зорнай вышынi!” (Аляксандр Быкаў). “Блеск обманчив заморских сюрпризов. // Чужеземный не греет чертог. // Больше жизни люблю я Борисов // — Вместе пройдено много дорог” (Ала Лапошыц). Тут i захапленне, i зачараванне хараством роднага краю. Таму i паэтычная ўзнёсласць. Але ж ёсць туга i смутак, без чаго не бывае сапраўднай паэзii, як няма i жыцця. Асаблiва, калi гэта датычыць гераiчных i трагiчных падзей гiсторыi Барысава, у гiсторыi нашай Беларусi. Таму горкi i пякучы боль прыходзiць у сэрца, калi чытаеш верш вядомага беларускага паэта Юрася Свiркi “Ля помнiка Люсi Чалоўскай у Барысаве”, прысвечаны адважнай партызанцы.
Вельмi беражлiва, я сказаў бы, далiкатна падабраны i пададзены ў кнiзе творы. I мноства думак, пачуццяў аўтараў сышлося ў адно вялiкае i хвалюючае: замiлаванасць i любоў да Барысаўскага краю. Таму вобраз яго на старонках кнiгi надзвычай сумленны, чысты, прыгожы. I ўжо не проста рака Бярэзiна, а быццам сiнi, жывы, чароўны вянок ляжыць ля ног горада. Вабна i чула аздобiў ён гiсторыю i жыццё Барысава i разам з iм – у пэўнай ступенi — i лёс нашай Беларусi.
Калi ў чытачоў узнiкне пытанне, чые ж вершы вынесены ў эпiграф, то шчыра прызнаюся: мае. За больш чым 47 гадоў сваёй журналiсцкай работы шмат разоў быў у Барысаве. I зараз, напярэдаднi нашага вялiкага духоўнага свята, маё сэрца адгукнулася ўсхваляванымi радкамi...
