У гонар друкаванага слова
Свята беларускага пісьменства і друку завітае сёлета ў Паставы
Па традыцыі ў першую нядзелю верасня ў рэспубліцы адзначаецца Дзень беларускага пісьменства і друку. За час свайго існавання свята пабывала ў Полацку, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Мсціславе, Тураве, Камянцы... Сёлета шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў яно збярэ ў 13-ы раз і завітае 3 верасня ў старажытныя Паставы.
Між тым, як паведаміла “Р” начальнік Упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, адным днём свята не абмяжуецца. Ужо 2 верасня ў Паставах пачне працаваць навукова-практычная канферэнцыя, адбудзецца адкрыццё помніка Канстанціну Тызенгаўзу, Дома культуры і рэтра-кафэ, пройдзе вечар старадаўняй палацавай музыкі. Як заўсёды, папярэднічаць святу будзе Рэспубліканская навукова-творчая экспедыцыя “Дарога да святыняў”. Яе ўдзельнікі з благадатным агнём ад Гроба Гасподня 30 жніўня адправяцца з Мінска да Паставаў, наведаюць на сваім шляху многія населеныя пункты, сярод якіх Беразіно, Крупкі, Плешчаніцы, Вілейка, Астравец, Мядзел і іншыя. З прыбыццём экспедыцыі да месца свята распачнуцца галоўныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства і друку.
Асноўнай падзеяй яго ўрачыстага адкрыцця, якое пройдзе ў гарадскім парку, упершыню стане цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў 46-га Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі” ганаровым знакам-сімвалам – бронзавай статуэткай “Залаты фаліянт”. Эпіцэнтрам жа свята вызначана цэнтральная плошча Паставаў, дзе шырока разгорнецца фестываль кнігі і прэсы. На працягу ўсяго дня тут будуць працаваць два вялікія, плошчай па 100 квадратных метраў кожны, павільёны — “Сучасная беларуская кніга” і “Скарбы беларускага кнігадрукавання”, дзе будуць прадстаўлены лепшыя ўзоры айчыннай выдавецкай прадукцыі, кнігі-пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў розных гадоў, выданні-лаўрэаты дыпломаў імя Францыска Скарыны. Цікавыя экспанаты са сваіх багатых збораў абяцаюць паказаць наведвальнікам Полацкі музей кнігадрукавання і Віцебская абласная бібліятэка. Асобнымі экспазіцыямі будуць прадстаўлены на свяце друкаваныя СМІ і адразу тры найцікавейшыя фотавыстаўкі.
Разам з тым наведвальнікаў запросяць чатыры тэматычныя пляцоўкі, дзе можна будзе не толькі пазнаёміц-ца з выданнямі дзіцячай, вучэбнай, краязнаўчай, інфармацыйна-пазнавальнай, мастацкай літаратуры, але і паўдзельнічаць у забаўляльных конкурсах і латарэях, сустрэцца з прадстаўнікамі выдавецтваў, паслухаць выступленні пісьменнікаў і атрымаць аўтографы. Зразумела, шырока разгорнецца падчас свята кніжны гандаль. Дарэчы, паводле слоў Алены Паўлавай, набыць можна будзе і любую з убачаных і ўпадабаных кніжак з выставачных стэндаў.
Завершаць Дзень беларускага пісьменства і друку гала-канцэрт беларускіх артыстаў, феерверк і ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята. Пасля Паставаў у наступным годзе яго будзе прымаць Шклоў.
---------------------------
Дарэчы
За 6 месяцаў бягучага года ў Беларусі выдадзена 6525 кніг і брашур агульным тыражом 28,7 мільёна экземпляраў. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ўсе паказчыкі павялічыліся: колькасць назваў – на 16, тыраж – на 41,6, аб’ём – на 50 працэнтаў.
Прыярытэтнымі напрамкамі ў кнігавыданні сёлета вызначаны выпуск энцыклапедычнай літаратуры, падручнікаў для агульнаадукацыйнай школы, прадстаўнічых і інфармацыйных выданняў пра нашу краіну, лепшых літаратурна-мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў.
---------------------------
На здымку: Паставы ў чаканнi свята.